
Вільня – калыска як беларускага, так і татарскага асветніцтва
Артыкул па гісторыі беларускіх татар
Пачыналася з беларускай выдавецкай справы. Браты Луцкевічы
Калі казаць аб беларускай справе на пачатку ХХ стагоддзя ў Вільні і дзеячах беларускага адраджэння, то найперш узгадваюцца імёны братоў Івана і Антона Луцкевічаў.
Браты Луцкевічы сталі заснавальнікамі газеты на беларускай мове “Наша доля”, а затым “Наша ніва” (1906 год). Паралельна з выданьнем «Нашай нівы» браты Луцкевічы выдавалі «Kurier Krajowy». На базе выдавецтва “Нашай Нівы” Іванам Луцкевічам створана “Беларускае выдавецкае таварыства” (1913-1915 гады).
Пасля спынення дзейнасці газеты “Наша ніва”, у Вільні намаганнямі Івана Луцкевіча з’явілася новая газета (часопіс) “Гоман” (1916-1918). Цікавым з’яўляецца той факт, што друкарня часопіса “Гоман” месцілася на вуліцы Татарскай. Можна дапусціць, што на Татарскай вуліцы ў доме № 20 рыхтаваўся да публікацыі артыкул, які мае асаблівую каштоўнасць з таго, што змяшчае апісанне выяўленага Іванам Луцкевічам кітаба нашых татараў. Артыкул быў змешчаны ў газеце “Варта” за 1918 г. і меў назву “Ай-Кітаб-Кіцёп” і ў “Гомане” ад 6 верасня 1918 г. з назвай “Аб беларускім мастацтве (думкі з прычыны выстаўкі ў Мінску)”. Па смерці аўтара артыкул перадрукоўваўся ў розных выданнях.
У хуткім часе з’явілася даследаванне доктара Яна Станкевіча “Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом” (Вільня, 1933).
Татарскі кітаб у беларускім музеі
Гэтую напісаную ад рукі арабіцай кнігу ў 1915 годдзе – перад заняццем Вільні немцамі “знайшоў у татарскага муллы Сьцяпана Палтаракевіча ў Сорак-Татарах пад Вільняй” (І.Луцкевіч). Як чалавек дасведчаны ў зборы каштоўнасцей, ён адразу зразумеў вартасць кітаба першай паловы ХVІІІ стагоддзя. За сваё нядоўгае жыццё (1881-1919) І.Луцкевіч адолеў шмат спраў, але надрукавана ім вельмі мала. Галоўная яго праца, прысвечана гэтай знаходцы, па слядах якой крочаць даследчыкі да гэтай пары.
У Вільні быў створаны і беларускі музей старажытнасцяў імя Івана Луцкевіча. Заснаваў музей Антон Луцкевіч на падставе збораў свайго брата. У музеі знайшоў сваё пачэснае месца і кітаб з вёскі Сорак Татар. У цяперашнім ужытку існуе тэрмін “Кітаб Івана Луцкевіча”. Рукапіс, які быў уведзены ў навуковы абарот І. Луцкевічам, даў бясцэнны матэрыял для беларускай філалогіі, для вывучэння старой беларускай мовы XVI — XVII стст. і адкрыў напрамак для далейшых пошукаў.
Культурна-асветніцкае аб’яднанне татар. Браты Крычынскія
У 1926 годзе на з’ездзе татарскай інтэлігенцыі было створана Культурна-асветніцкае аб’яднанне татар Польшчы. Па-польску назва гучала як “З’адзіночанне культурно-осветніцко татар Рэчы Паспалітай” (ЗКОТРП).
Сакратаром абраны Леон Крычынскі, які вёў актыўную арганізацыйную дзейнасць. У 1929 годзе ён увайшоў у Цэнтральную Раду ЗКОТРП. З 1929 па 1939 гады старшынёй Цэнтральнай Рады быў другі брат — Альгерд Крычынскі.
Пад рэдакцыяй Леона Крычынскага ў 1932 годзе ў Вільні стаў выдавацца на польскай мове «Rocznik Tatarski» («Татарскі гадавік»). Быў падрыхтаваны і выдадзены першы том. Два наступных тамы выйшлі ў 1935 і 1938 гадах, выпуск чацвёртага тома планаваўся на 1939 год, але выхад выдання перапыніла вайна.
Змешчаныя ў “Rocznik Tatarski” працы мелі высокі навуковы ўзровень. Гісторыі асобных мячэцяў былі прысвечаны даследаванні Ляона Крычынскага (гісторыя мячэцяў у Лоўчыцах і Наваградку, 1934). Былі сумесныя працы з Алі Варановічам (“Татары ў Слоніме“). Уяўляюць каштоўнасць і асобныя даследаванні Алі Варановіча (“Мусульманскія могілкі ў Відзах“, 1931) і інш.
Вільня можа ганарыцца, што тут у 1929 годзе на польскай мове выйшла грунтоўная праца, здзейсненая Станіславам Дзядулевічам – “Herbarz rodzin tatarskich w Polsce” (“Гербоўнік татарскіх родаў у Польшчы”). Для даследчыцкай працы маглі быць выкарастаны “Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора Древних актов”. Выданне стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы татарскага дваранства. Гербоўнік, яго матэрыялы падштурхоўвалі татар да вывучэння сваіх родаводаў, да далейшых крокаў на шляху даследавання гісторыі свайго народа.
У 1929 г. у Вільні быў надрукаваны на польскай мове “Praktyczny podręcznik czytania początkowego po arabsku” (Практычны падручнік пачатковага чытання па-арабску).
Віленскім аддзелам Культурна-асветніцкага аб’яднання з 1934 г. пачаў выдавацца штомесячны часопіс “Życie Tatarskie” (“Жыццё татарскае”), адказны рэдактар Стэфан Туган-Бараноўскі. “Życie Tatarskie” вылучалася сваёй даступнасцю як для чытача (было адрасавана ўсім групам супольнасці), так і для розных аўтараў, у тым ліку з месцаў. Са штомесячніка можна было даведацца пра паўсядзённыя справы татараў, пра жыццё асобных людзей, сем’яў. У часопісе адлюстроўваліся падзеі, што адбываліся ў мусульманскіх абшчынах Слоніма, Навагрудка, Клецка, Асмолава, Скідзяля, Ляхавічаў і іншых месцаў кампактнага пражывання татараў.
У Вільні ў 1929 годзе па ініцыятыве Леона Крычынскага створаны Татарскі музей. Музей размяшчаўся ў будынку Муфтыята. Калекцыя складалася з прадметаў, якія мелі дачыненне да мінулага польска-літоўскіх татараў.
З улікам таго, што існаваў даволі багаты збор дакументаў аб літоўскіх татарах (збор сям’і Крычынскіх, Ахматовічаў і інш.), у 1931 годзе створаны татарскі архіў.
Падрыхтавала Разалія Александровіч