
Татарскія бібліятэкі: падарожжа ў гісторыю
Свая бібліятэчка паступова збіраецца кожнай сям’ёй, нават кожным асобным чалавекам. Нешта перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Амаль у кожнай татарскай сям’і маецца хоць адна духоўная кніга – Каран, тэфсір, хамаіл. Гэты скарб уяўляе асаблівую каштоўнасць, у тым ліку і таму, што захоўвае цеплыню рук родных людзей.
Цікава таксама зазірнуць на палічкі мячэцяў, пазнаёміцца з фондамі дзяржаўных бібліятэк. Гэта спадзяюся рабіць віртуальна. Але спачатку звернемся да гісторыі.
З гісторыі бібліятэкі Муфтыята
Звернемся да Вільні, дзе, як вядома, на прыканцы 1925 г. татары абвясцілі аўтакефалію мусульманскіх прыходаў (джаміятаў), што месціліся на землях сучаснай Польшчы, Літвы, Беларусі. Быў абраны Муфтыят. Пры Муфтыяце мелася невялікая бібліятэка.
Стэфан Туган-Мірза-Бараноўскі – галоўны рэдактар выдання “Rocznik Tatarski” – у першым томе выдання за 1932 год у сваім артыкуле “Збор рукапісаў у Муфтыяце” адзначаў, што налічвалася 14 Каранаў (з іх 11 – мясцовага паходжання, 3 – турэцкія), 2 тэджвіды (з іх 1 – мясцовага паходжання, 1 – турэцкі), 1 тэфсір 1890 г., 5 кітабаў, 16 хамаілаў (з іх 6 – турэцкага паходжання) і 4 кнігі іншага зместу.
Цікава параўнаць гэты спіс з тым, як аб фондзе бібліятэкі пісаў Янка Станкевіч у сваёй працы “Беларускіе мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом” (Вільня, 1933). Ён зрабіў сваю класіфікацыю і адзначыў, што сабрана “ладна беларускіх рукапісаў арабіцаю, хоць пазнейшых копіяў: 5 Аль-Кітабаў (з 1771, 1836, 1837, 1885 гг., адзін бяз даты); 1 кніга аб тым, як трэба чытаць Коран; 1 рукапіс (копія з 1890 г.) пераклад Корану; 6 зборнікаў малітваў (з 1803, перад 1805, 1890 гг. і тры без паказання часу напісання); 1 Слоўнік турэцка-беларускі (з 1836 г.)”.
З гісторыі бібліятэкі ў Слоніме
5 жніўня 1927 г. па ініцыятыве членаў культурна-асветніцкага таварыства ў Слоніме на грамадскіх пачатках пачала дзейнічаць бібліятэка. Дзеля яе стварэння шмат сілаў паклалі Стэфан Смольскі і яго жонка, якія ўвесь час клапаціліся аб папаўненні новымі выданнямі. У 1934 г. фонд бібліятэкі меў ужо 544 адзінкі.
Дату заснавання бібліятэкі адзначалі кожны год як ўрачыстасць. У жніўні 1937 г. адзначалася 10-годдзе татарскай бібліятэкі, у Слонім з’ехалася вялікая колькасць гасцей. Бібліятэка дзейнічала да верасня 1939 г.
Бібліятэка апошняга татарскага вайсковага фарміравання
У снежні 1936 г. прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі выдаў загад, які прадпісваў стварэнне ў 13-м палку Віленскіх уланаў татарскага эскадрона. Капелан татарскага эскадрона Алі Варановіч быў не проста духоўнай асобай, але і апекуном татарскіх уланаў. У казармах палка быў створаны адмысловы клуб. У клубе на ганаровым месцы ўсталявалі бунчук. На сценах віселі рэпрадукцыі партрэтаў былых татарскіх уланаў, паштоўкі з выявамі мячэцяў. Пры клубе мелася невялікая бібліятэчка з кнігамі і часопісамі, якія дасылалі родныя вайскоўцаў.
Фота: муфтый Якуб Шынкевіч у сваім кабінеце
Падрыхтавала Разалія Александровіч