вопросы
2661
новости
3439
статьи
227
видео
107
объявления
37
события
4
islam.by в социальных сетях
ВКонтакте | Instagram | YouTube
Основы Ислама
Как принять Ислам?
Заблуждения и интернет
Отношение Ислама к «светским» знаниям и науке
История и современность Ислама в Беларуси
Никях
Семья
Покаяние

Усяпольскі мусульманскі з’езд 1925 года

На прыканцы 1925 года была створана аўтакефалія мусульман Польшчы. Адбылася выбітная падзея ў жыцці татараў, якія пражывалі на землях Літвы, Беларусі і Польшчы на той час больш за пяць стагоддзяў.

Справа ў тым, што пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай духоўнае жыццё “польска-літоўскіх” татараў, па рашэнні ўладаў Расійскай імперыі, апекаваў з Сімферопаля муфтый Таўрычаскай губерні.

28-29 снежня 1925 года ў Вільні сабраўся Усяпольскі мусульманскі з’езд (Wszechpolski Zjazd Delegatów Gmin Muzułmańskich). Ад яго пачаўся адлік самастойнага жыцця татараў-мусульман, незалежны ад цэнтраў ва Уфе і Сімферопалі. З’езд доўга і адказна рыхтаваўся, з боку дзяржавы забяспечвалася яго арганізацыйная і фінансавая падтрымка. У з’ездзе бралі ўдзел дэлегаты ад 18 мусульманскіх прыходаў Варшаўскага, Навагрудскага, Віленскага і Беластоцкага ваяводстваў.

Імёны дэлегатаў

У архівах захаваўся спіс тых дэлегатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Мы звернемся да прадстаўнікоў тых прыходаў, што знаходзіліся на землях Беларусі:

Альгерд Крычынскі, Алі Крычынскі, Юзэф Талькоўскі, Алі Шабановіч – Даўбуцішкі;

Адам Шчуцкі, Якуб Смольскі – Докшыцы;

Імам Шабановіч, Аляксандр Шабановіч, Мустафа Шабановіч – Іўе;

Адам Александровіч, Мустафа Александровіч, Сулейман Ясінскі – Клецк;

Абрагам Багдановіч сын Якуба, Абрагам Багдановіч сын Стэфана, Адам Міскевіч – Ляхавічы;

Мацей Карыцкі, Адам Карыцкі – Лоўчыцы;

Імам Адамовіч – Мядзель;

Аляксандр Мурза-Мурзіч, Стэфан Мурза-Мурзіч, Селім Сафарэвіч, Стэфан Байрашэўскі, Смольскі (імя не пазначана) – Навагрудак;

Ян Казакевіч – Асмолава;

Мацей Байрашэўскі, Ібрагім Александровіч, Багдан Шэгідэвіч, Фуад Александровіч, Давід Яновіч-Чаінскі – Слонім;

Аляксандр Рызвановіч, Аляксандр Якубоўскі – Відзы.

Калі звярнуць увагу на колькасць галасуючых, то ўбачым, што мелі права голаса па пяць чалавек ад Слоніма і Навагрудка. Гэтыя прыходы былі на той час самымі шматлікімі ў Навагрудскім ваяводстве. Сярод навагрудскіх дэлегатаў імя Смольскага не пазначана. І вось тут хацелася б выказаць здагадку, што ім быў Рамуальд Смольскі, паўстаннец 1863 года, які атрымаў афіцэрскае званне, быў пад час паўстання двойчы ранены. На наступны пасля з’езда 1926 год яго не стала. Мяркую, што яшчэ ёсць надзея адшукаць яго магілу на старадаўнім мізары ў Навагрудку.

Дзе праходзіў з’езд

Памяшканне, у якім праходзіў з’езд – гімназія імя Лялевеля на вуліцы Міцкевіча, № 38 (ul. Mickiewicza, 38). Будынак знаходзіўся насупраць Лукішскай плошчы – гэта значыць паблізу мячэці. Адрас, які пазначаны на запрашальніку, утрымлівае два імя – Яхіма Лялевеля і Адама Міцкевіча. Імя Адама Міцкевіча – аўтара “Пана Тадэвуша” і “Крымскіх санетаў” – не патрабуе тлумачэння. Як і дата яго нараджэння 24 снежня 1798 года. Пра таго, чыё імя насіла гімназія, неабходна сказаць, што ён выкладаў гісторыю ў Віленскім універсітэце ў Адама Міцкевіча і яго сяброў, а пасля выкрыцця таемных студэнцкіх таварыстваў “філамаў” і “філарэтаў” быў адхілены ад выкладання як іх ідэйны натхняльнік. Менавіта праз свайго настаўніка яго вучні рабілі свае першыя свядомыя крокі ў галіне арыенталістыкі.

Выбары муфтыя

З’езд адметны тым, што на ім упершыню за гісторыю свайго пражывання на землях былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай татары абралі свайго духоўнага кіраўніка – муфція (Mufti Muzułmańskiego Związku Religijnego). Гэтую пачэсную ролю было даверана выконваць доктару арыенталістыкі Якубу Шынкевічу (Jakub Szynkiewicz), які на той час меў 42 гады, шматбаковую адукацыю і шырокае бачаненне людзей і краін.

У падпарадкаванне муфціята ўвайшлі прыходы Вільні, Немежа, Сорак Татараў, Даўбучак, Іўя, Відзаў, Докшыцаў, Мядзеля, Навагрудка, Лоўчыцаў, Слоніма, Ляхавічаў, Некрашунцаў, Клецка, Асмолава, Міра, Бахонікаў, Крушынянаў і Варшавы – усяго 19, хоць мячэцей было на той час 17. У кожным прыходзе абіраліся свой імам і муэдзін.

Разалія Александровіч

08.01.2021
Вильнюс
4
муфтият
77
муфтий
134
история
61
статьи
227
Загрузка...