Першы дзень быў прысвечаны рабоце дзвюх секцый. Па ініцыятыве арганізатараў увазе ўдзельнікаў секцыі “Кніжныя помнікі Гродзеншчыны” была прадстаўлена рукапісная спадчына татараў. Наш стэнд у зале музея Адама Міцкевіча заняў сваё месца побач з рэлігійнымі скарбамі цэркваў Навагрудскай епархіі і шматлікімі выданнямі твораў Адама Міцкевіча ў перакладзе на розныя мовы.



На стэндзе былі прадстаўлены – мугір, Кур’ан і хамаілы, а таксама грунтоўнае даследванне духоўнай рукапіснай спадчыны татараў шаноўнага Міхаіла Тарэлкі «Тафсіры, кітабы і хамаілы: з прыватных кнігазбораў Беларусі».
Нягледзячы на невялікую колькасць нашых экспанатаў – за кожным з іх свая гісторыя. Мугір – як помнік народнага мастацтва. Хамаілы, якія разам з Кур’анам адносяцца да найбольш распаўсюджаных рукапісаў. Кожны з іх мае сваю адметнасць, і разам яны складаюць цэльную карціну духоўнага жыцця татараў-мусульман. Каштоўныя як самыя рукапісы, так і асобныя лісточкі-ўкладкі. А ў адзін з хамаілаў укладзены фотаздымачак для дакумента – імя ўладальніцы пакуль невядомае.
Мяркую, гэта будзе цікавым і знойдзе водгук, як знайшло водгук у ўдзельнікаў секцыі. Выказваю шчырую падзяку арганізатарам за падрыхтоўку і правядзенне чытанняў, усім разам за незабыўную атмасферу.
Разалія Адександровіч