вопросы
2403
новости
2888
статьи
211
видео
61
объявления
30
события
4
islam.by в социальных сетях
ВКонтакте | Instagram | YouTube
Основы Ислама
Как принять Ислам?
Заблуждения и интернет
Отношение Ислама к «светским» знаниям и науке
История и современность Ислама в Беларуси
Никях
Семья
Покаяние

Неба было яго другім домам

Амет-Хан Султан. Ці кожнаму з беларускіх татараў знаёмае гэтае імя?

А калі нават і знаёмае, то што вядома нам аб чалавеку, памяць аб якім так шануецца крымскімі татарамі. А галоўны аэрапорт Дагестана носіць яго імя.

Слава аб ім пайшла ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны. “Ахтунг! Ахтунг! У небе Амет-Хан Султан” - гэтае папярэджанне для нямецкіх лётчыкаў, а таксама нямецкіх наземных войскаў гучала як прысуд.

У 25 гадоў, калі закончылася Другая сусветная вайна, ён быў Двойчы Героем Савецкага Саюза і вядомым сярод сваіх і праціўнікаў лётчыкам-асам.

Але з пачаткам мірнага жыцця яму прыйшлося нялёгка. На працу лётчыкам-выпрабавальнікам удалося ўладкавацца амаль праз два гады пасля падачы заявы. У свае 50 год ён працягваў быць дзеючым лётчыкам, але заставаўся ў званні падпалкоўніка. Пры гэтым сябры-аднапалчане, якія мелі генеральскія пагоны, а таксама лётчыкі-касманаўты лічылі за гонар быць у павазе ў Амет-Хана Султана.

Ці ведаем мы, што вайсковую службу Амет-Хан пачынаў у Беларусі? А ў апошні год свайго жыцця прыязджаў праведаць баявога сябра ў Мінск. І ці здрыганецца ў нас сэрца ад даты 18 мая 1944 года – дня ганебнай дэпартацыі крымскіх татараў са сваіх земляў? Чаму волей лёсу Амет-Хан быў у гэтую ноч ў бацькоўскім доме, хто падтрымаў яго ў гэтыя дні? Хто яго сям’я? Якія абставіны яго гібелі і чаму цяжка паверыць у асабістую памылку лётчыка, на рахутку якога выпрабаванне не меньш за 100 лятальных апаратаў? Ці вядомыя нам адказы на гэтыя пытанні, і як увекавечана яго імя?! Мы спрабавалі знайсці адказы на гэтыя пытанні праз самыя розныя крыніцы – ад старонак мемуараў яго калег па працы да архіўных дакументаў на спецыяльных сайтах. Некаторыя звесткі прапаноўваем Вашай увазе.

Першы самалёт Амет-Хан збіў … не па правілах

За тры тыдні вайны, як сведчыць запіс у наградным лісце ад 17 ліпеня 1941 г., “Амет-Хан Султан совершил 21 боевой вылет, неоднократно участвовал в воздушных боях, выполняя задания командования по разведке войск и тылов противника. Летал на штурмовку сооружений и живой силы. Сброшенными бомбами и пулемётным огнём уничтожил большое количество румыно-германских солдат” і ў званні малодшага лейтэнанта быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Ад малодшага лётчыка ён дарос да камандзіра звяна, здзейсніў за паўгода 130 баявых вылетаў і ... не збіў ні аднаго самалёта. Гэта пазбаўляла яго спакою. Неўзабаве абяскроўлены разведвальны полк быў пераведзены ў тыл, лётчыкі павінны былі перавучыцца лятаць на англійскім знішчальніку «Харыкейн». Вось на гэтай баявой машыне Амет-Хан і пачаў адлік збітым варожым самалётам.

Гэта быў таран. Той паветраны бой стаў адным з самых яскравых. Тактыку яго аналізавалі, апісвалі і вывучалі. 31 мая 1942 г. на ўскраіне Яраслаўля на вышыні 7300 м ён сустрэў шэрую махіну – нямецкі бамбардзіроўшчык Ю-88. Кінуўся ў атаку і адкрыў агонь з усіх кулямётаў. А калі пасля аднога з разваротаў злавіў у прыцэл «юнкерс» і зноў націснуў на гашэтку – скончыўся боезапас. Тады Амет-Хан на хуткасці левым крылом свайго «Харыкейна» рэзануў па фюзеляжы «юнкерса». І тут адбылося самае нечаканае – яго самалёт засеў у корпусе бамбардзіроўшчыка. Амет-Хан апынуўся наглуха зачыненым у кабіне, а сцэпленыя самалёты ўжо гарэлі і падалі разам. Згарэць жывым – не, гэта не пра Амет-Хана! Рэакцыя была да падобы таго, як бы магутнага звера загналі ў клетку. З усёй моцы – рукамі – ён адштурхоўваецца ад варожай машыны і паспявае выскачыць з парашутам з падаючых абломкаў! Каб агонь не пашкодзіў купал парашута, прыйшлося вычакаць час перад тым як торгнуць за выцяжное кольца. Нарэшце можна азірнуцца. Унізе былі бачныя «парасоны» нямецкіх лётчыкаў. Калі немцаў вылавілі з Волгі, яны абураліся, што былі збітыя не па правілах.

Будучы ў захапленні ад гэтай паветранай сутычкі баявога сябра, французскі лётчык Франсуа дэ Жофр – з лётчыкаў эскадрыллі “Нармандыя-Нёман”, Амет-Хан сышоўся найбольш з ім – пісаў пазней: «Ці ведаеце вы, што такое таран? Гэта найвышэйшая форма самаахвярнасці лётчыка, які, выдаткаваўшы цалкам боезапасы, накіроўваецца на варожы самалёт і збівае яго сваёй машынай. У дзевяноста выпадках з ста – гэта немінучая пагібель. Амет-Хану пашанцавала, і ён застаўся жывы...»

У складзе 9-ага гвардзейскага знішчальнага авіяпалка

У канцы кастрычніка 1942 г. Амет-Хана разам з яго “вядомым” Іванам Барысавым, а таксама вопытным Уладзімірам Лаўрыненкавым перавялі ў 9-ы авіяполк, якому камандаванне надавала ўдарную ролю. Яшчэ з 16 ліпеня 1941 г. камандзірам палка быў прызначаны Леў Львовіч Шастакоў, полк якога першым у ВПС атрымаў уласнае найменне – “Адэскі”.

За час вайны яго лётчыкамі было знішчана 558 самалётаў. Гэта сёмы вынік сярод савецкіх авіяпалкоў.

У складзе палка ваявалі Двойчы Героі Савецкага Саюза: Алялюхін Аляксей Васільевіч, Султан Амет-Хан, Галавачоў Павел Якаўлевіч, Лаўрыненкаў Уладзімір Дзмітрыевіч. Дваццаць лётчыкаў палка мелі званне Герой Савецкага Саюза.

У палку таксама змагаліся Двойчы Герой Савецкага Саюза Рэчкалаў Рыгор Андрэевіч і Тройчы Герой Савецкага Саюза Пакрышкін Аляксандр Іванавіч.

Пасля прыбыцця ў полк Амет-Хан быў прызначаны намеснікам камандзіра 3-й эскадрыллі. Камандаваў эскадрылляй Герой Савецкага Саюза Іван Каралёў.

Пры прадстаўленні да ўзнагароджання А-Х. Султана ордэнам Чырвонага Сцяга, камандзір палка Шастакоў пісаў, што як лётчык Амет-Хан хвацка валодае самалётам Як-1 і ў гэтых адносінах не мае сабе роўных». Зампаліт Н.А. Верхавец адзначаў, што адно толькі імя Амет-Хана прыводзіць ворага ў замяшальніцтва”.

У сувязі з тым, што І.Г. Каралёў атрымаў прызначэнне на пасаду штурмана палка, ён рэкамендаваў свайго намесніка на пасаду камандзіра 3-й эскадрыллі. У кастрычніку 1942 г. Амет-Хан Султан становіцца камандзірам 3-й эскадрыллі 9-га авіяпалка. Амет-Хан меў 22 гады і быў самым маладым у палку камэскам. Нягледзячы на маладосць, калі справа тычылася выканання баявога задання, ён выяўляў належную волю, настойлівасць і выдатныя камандзірскія якасці. Можна было толькі дзівіцца яго здольнасці бачыць у паветры ўсё і ўсіх. Ён быў дакладны ў выкананні баявых загадаў, але пры неабходнасці не баяўся праявіць ініцыятыву.

У гэтым палку пачалося сяброўства Амет-Хана Султана з беларусам Паўлам Галавачовым. Менавіта ён будзе побач з Амет-Ханам у яго бацькоўскім доме 18 мая 1944 г. Лейтэнант Галавачоў быў прызначаны камандзірам звяна эскадрыллі «жоўтаносых» Амет-Хана Султана. Такую назву эскадрылля займела па колеры – на ўсіх самалётах 3-й эскадрыллі шрубавыя конусы мелі жоўтую афарбоўку.

Неба для яго было – месцам найлепшага пачування

Дзякуючы падтрымцы і дапамозе баявых сяброў – У.Д. Лаўрыненкава, А.І. Пакрышкіна, А.В. Алялюхіна, Ц.Ц. Хрукіна – у лютым 1947 г. Амет-Хан Султан залічаны лётчыкам-выпрабавальнікам. За кароткі тэрмін стаў адным з лепшых у сваёй прафесіі, а ў верасні 1952 г. ужо атрымаў катэгорыю лётчыка-выпрабавальніка 1-га класа. У 1953 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі.

Жыў славуты лётчык з сям’ёй у Жукоўскім, бліжэй да працы. Звычайны дзень Амет-Хана Султана выглядаў так. Лётчык праводзіў палёты з 9.20 раніцы да 20.15 вечара на трох тыпах самалётаў. Налёт за дзень складаў тры гадзіны восем хвілін, з іх у выпрабавальных палётах – дзве з паловай гадзіны.

Пасля надзвычай складаных выпрабаванняў самалётаў-снарадаў Амет-Хана павінны былі прадставіць да трэцяй зоркі Героя. Яго выклікаў міністр абароны Варашылаў і прапанаваў змяніць нацыянальнасць “крымскі татарын”, пісаць нацыянальнасць бацькі “лакец”. Амет-Хан Султан наадрэз адмовіўся. 3 лютага 1953 г. ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Некаторыя ўчынкі ў адносінах да сябе Амет-Хан навучыўся ўспрымаць з гумарам. Напрыклад, неяк праводзілі выпрабаванні ў Крыме: усе паляцелі на сваіх самалетах, а яго на пасажырскім павезлі. «Напэўна, баяліся, што ў Турцыю палячу ці што Крыма не знайду?» – пракаментаваў ён бязглуздую сітуацыю.

Але, мяркую, што ў меньш загартаваных людзей у падобных сітуацыях маглі і слёзы праступіць. Ці не крыўдна, калі цябе запрашаюць у Францыю на юбілей палка «Нармандыя – Нёман», а ты туды не едзеш. Аб тым, што Амет-Хану не далі дазволу на паездку, узгадваў вядучы інжынер авіякампаніі “МіГ”, заслужаны лётчык-выпрабавальнік Аляксандр Шчарбакоў. Фармальна падставай для адмовы сталі выпрабаванні сакрэтнага знішчальніка Су-9, якія Султан тады праводзіў. Але ўсе ведалі сапраўдную прычыну таго, што здарылася.

Амет-Хан з поспехам выконвае самыя розныя выпрабаванні, на правядзенне якіх яго прызначаюць адным з першых ці першым. Так, мноства палётаў на розных самалётах былі выкананы для адпрацоўкі сістэм катапультавання. 12 лістапада 1958 г., у час выпрабаванняў катапультнага крэсла для самалётаў Су-7 і Су-9 парашутыстам-выпрабавальнікам В.І. Галавіным, на самалёце МіГ-15 адбыўся выбух парахавога патрона катапульты, у выніку чаго ў самалёта быў прабіты бак, а Галавіна заціснула крэслам. У неймаверна напружаных умовах, пры пагрозе пажару і выбуха, з атрыманым па рацыі загадзе кіраўніка палётаў Амет-Хану пакінуць самалёт, той прыняў рашэнне саджаць самалёт. Пасадка была выканана бездакорна, выратавана жыццё таварыша і засталася цэлай вельмі дарагая тэхніка. Праз некаторы час Амет-Хан Султан і Валерый Галавін зноў разам падняліся ў неба, выпрабаванні працягваліся. І ўжо пасля палёту Юрыя Гагарына Амет-Хан зразумеў для каго Галавін пры катапультаванні выпрабоўваў цяжкі і непаваротлівы скафандр. З першым касманаўтам Амет-Хана Султана звязвалі цёплыя адносіны. У фондах архіва ў Жукоўскім існуе плёнка аб святкаванні 1 мая, калі ў госці да лётчыкаў прыехаў Гагарын з жонкай, Амет-Хан выступаў з прамовай.

Амет-Хан Султан быў адным з пілотаў «паветранай лабараторыі», дзе пры выкананні так званай «горкі» стваралася адчуванне кароткачасовай бязважкасці. Праз такія палёты праходзілі ўсе савецкія касманаўты. З адабранымі дваццацю пілотамі ішлі заняткі, у выніку зацвердзілі пяць чалавек і пачалася інтэнсіўная падрыхтоўка. Амет-Хан пачаў праводзіць трэніроўкі з Юрыем Гагарыным, Андрыянам Мікалаевым, Паўлам Паповічам, Германам Цітовым, Анатолем Карташовым. Пад час працы над касмічнай праграмай менавіта Амет-Хан выпрабоўваў спускаемы апарат для вяртання касманаўта на зямлю.

1 лютага 1971 г. Амет-Хан Султан разам з экіпажам загінуў пры выкананні выпрабавальнага палёту на «лятучай лабараторыі» Ту-16ЛЛ, прызначанай для новага рэактыўнага рухавіка.

Ушанаванне памяці Амет-Хана Султана

Амет-Хан меў права, як і кожны Двойчы Герой Савецкага Саюза, быць уганараваным усталяваннем бронзавага бюста на радзіме. Бюст павінен быў стаяць у Крыме, у яго роднай Алупцы. Але ўлады з гэтым цягнулі. На пачатку 1950-х гадоў (1952-1953 гг.) рыхтаваліся да адкрыцця бюста. Лётчык па запрашэнні ўладаў прыбыў у Алупку напярэдадні гэтай хвалюючай падзеі і, накіроўваючыся з сябрамі і прадстаўнікамі пасялковага савета ў родны дом, убачыў на плошчы на высокім пастаменце зацягнуты белай тканінай помнік. Аднак на наступную раніцу манумент знік. А калі знайшоўся, дык аказалася, што яго ўсталявалі ў невялікім пасёлку на Кубані. І мясцовае начальства два разы дасылала лётчыку-асу запрашэнне прыехаць на ўрачыстае адкрыццё. Амет-Хан не паехаў. Да яго таксама прыязджала дэлегацыя з радзімы бацькі, прадстаўнікі Дагестана таксама атрымалі адмову. Прапаноўвалі паставіць у Яраслаўлі, дзе ён здзейсніў таран. Амет-Хан і на адкрыццё бюста ў Яраслаўлі ехаць не згаджаўся, адмаўляўся і ад Каспійска, і ад Сталінграда.

Пасля яго сябры жартавалі: бюст Амет-Хана стаў самым дарагім сярод іншых, бо доўга падарожнічаў па розных месцах. У выніку бюст усё ж паўстаў пад вяршыняй Ай-Петры. Тут ужо не да жартаў, хоць як без іх. І Амет-Хану засталося пракаментаваць сітуацыю: “У Крыме мой помнік – адзіны крымскі татаран…”

Але прастаяў бюст не так доўга і пасля гібелі Амет-Хана знік. Спатрэбілася шмат зваротаў па розных інстанцыях, каб з цяжкасцямі дабіцца вяртання бюста славутага лётчыка ў Алупку. У 1993 г. у Алупцы адкрыўся дом-музей Амет-Хана Султана.

Яго імем былі названыя аэраклуб і плошча ў Сімферопалі, вуліцы ў Алупцы, Судаку, Валгаградзе, мікрараён у Саках, платформа ў накірунку Еўпаторыі, праспект у Махачкале, у Дагестане горны пік, а таксама вуліца і ліцэй горада Каспійска. У падмаскоўным Жукоўскім вуліца яго імя – працяг вуліцы В.П. Чкалава – вядзе туды, адкуль вялікія лётчыкі выходзілі ў неба.

У 2010 г. намаганнямі дагестанскай дыяспары ўсталяваны помнік у Заволжскім раёне Яраслаўля на праспекце Авіятараў. 29 мая 2015 г. у вёсцы Дымакурцы, блізу Яраслаўля, адбылося адкрыццё абноўленага памятнага знака, прысвечанага знакамітаму тарану Амет-Хана Султана.

У свеце толькі некалькім аэрапортам нададзена імя знакамітага земляка. Адным з найбольш буйных у Еўропе з’яўляецца аэрапорт сталіцы Францыі «Парыж-Шарль-дэ-Голь» – знакаміты на ўвесь свет паветраны калідор. У сталіцы Дагестана Махачкале ў гонар Амет-Хана Султана названы першы імянны аэрапорт Расійскай Федэрацыі. У цырымоніі адкрыцця прымалі ўдзел былы галоўнакамандуючы ВПС генерал арміі Пётр Дайнекін, Героі Савецкага Саюза касманаўты Аляксей Лявонаў і Муса Манараў, іншыя знакамітыя авіятары.

У Кіеве да 70-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне планавалася пабудаваць Алею вайсковай Славы і ўсталяваць 14 бюстаў Двойчы Героям Савецкага Саюза, якія нарадзіліся на тэрыторыі Украіны, прымалі ўдзел у яе вызваленні, пражываюць або пахаваныя на тэрыторыі сучаснай Украіны. Пачатак Алея бярэ з помніка Тройчы Герою Савецкага Саюза Івану Мікітавічу Кажадубу. 9 траўня 2013 г. адкрылі помнікі Двойчы Героям Савецкага Саюза лётчыку-асу Амет-Хану Султану і лётчыку-касманаўту Георгію Цімафеевічу Берагавому.

У 2012 г. знята ўкраінская ваенная драма «Хайтарма» (прадзюсар Ленур Іслямаў). Фільм заснаваны на рэальных гістарычных фактах і біяграфіі Амет-Хана Султана, звязаных з трагічнымі падзеямі 18 мая 1944 г. У фільме сімвалічна паказаны баявыя сябры Амет-Хана, якія адлюстроўваюць вобразы Паўла Галавачова і французскага лётчыка Франсуа дэ Жофра.

Сярод нашчадкаў Амет-Хана – яго адзіная ўнучка Вераніка Станіславаўна Амет-Хан. Яго сыны Станіслаў (1945-10.01.1995) і Арслан, якіх ён бязмерна любіў, памерлі рана. Вераніка нарадзілася 22 жніўня 1984 г. - праз чатырнаццаць гадоў пасля сыходу яе дзядулі. Яна засталася на прозвішчы дзядулі і перадала гэта прозвішча яго праўнуку - Архіпу Антонавічу Амет-Хану.

Разалія Александровіч

23.12.2020
Крым
6
татары
37
война
5
история
55
статьи
211
Загрузка...