Адбылася прэзентацыя кнігі Міхаіла Тарэлкі «Тафсіры, Кітабы і Хамаілы»

З прыватных кнігазбораў Беларусі

У чацвер, 3 верасня 2020 года, адбылася прэзентацыя каталога беларускага кітабіста Міхаіла Уладзіміравіча Тарэлкі «Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі».

Мерапрыемства прайшло ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.
Прысутнічалі прадстаўнікі навуковых колаў, студэнты ВНУ, а таксама імамы абодвух муфціятаў.

Цікавы расказ аўтара аб рукапісах і іх перапісчыках
плаўна перацёк у размову аб захаванні культуры беларускіх татараў і араба-графічнай традыцыі ў культуры Беларусі. У каталогу апісаны 28 рукапісаў, усяго ж іх захоўваецца ў мясцовых мусульман звыш двухсот. Да кнігі прыкладаецца дыск з тэкстамі рукапісаў.

Ад імя Духоўнага ўпраўлення мусульман у Рэспубліцы Беларусь прысутнічаў імам-хатыб Бекір Мурзіч. Муфціят удзячны за вялікі ўклад Міхаіла Уладзіміравіча і яго жонкі Ірыны Сынковай у справу захавання рукапіснай спадчыны беларускіх татараў, а таксама выказаў надзею на далейшае развіццё супрацоўніцтва паміж навуковымі коламі і мусульманскай супольнасцю нашай краіны.

Мерапрыемства стала першым пасля доўгага перапынку на пандэмію і летнія адпачынкі, ды і тэмы, узнятыя ў ходзе прэзентацыі зацікавілі шматлікіх даследчыкаў. Таму чакаецца аднаўленне заняткаў па чытанні кітабаў у Нацыанальнай бібліятэцы і іншыя мерапрыемствы па адраджэнні ісламскай культуры ў Беларусі. Просім у Аллага садзейнічання і падтрымкі ў гэтай годнай справе.

Помоги нам - чтобы мы помогли тебе
Помочь