вопросы
1681
новости
1002
статьи
160
видео
16
объявления
19
события
4
Основы Ислама
Как принять Ислам?
Заблуждения и интернет
Отношение Ислама к «светским» знаниям и науке
Система добровольной сертификации «Халяль»
История и современность Ислама в Беларуси
Никях
Семья
Покаяние

Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць

У Мінску адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя

21 лютага 2018 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць». У канферэнцыі прынялі ўдзел вядомыя навукоўцы, святары розных канфесій. Галоўная дыскусія разгарнулася вакол праблем фарміравання беларускай багаслоўскай тэрміналогіі.

У канферэнцыі прымаў удзел муфцій Духоўнага ўпраўлення мусульман у Рэспубліцы Беларусь Алі Варановіч. Далей прыводзім тэкст яго дакладу на тэму «Праца над сучасным перакладам Кур’ана на беларускую мову»:

Добры дзень, шаноўнае спадарства!

Спачатку хачу прачытаць першую суру Кур’ана

Якая пачынае

1. З імем Аллага Міласцівага Літасцівага!

2. Уся хвала – Аллагу Гаспадару сусветаў,

3. Міласціваму Літасціваму,

4. Уладару Дня адплаты.

5. Табе Аднаму мы пакланяемся і да цябе Аднаго па дапамогу звяртаемся.

6. Вядзі нас шляхам прамым.

7. Шляхам тых, якім Ты дабрадзейнічаў, не тых, каторыя пад гневам знаходзяцца, і не тых, каторыя памыляюцца.

Кур’ан – гэта галоўная кніга для мусульман. Мусульмане вераць у боскае паходжанне гэтай Кнігі, што гэта апошні Закон, які Бог паслаў чалавецтву.

Ідэя пачаць працу над перакладам Кур’ана на беларускую мову ўзнікла прыкладна дзесяць гадоў назад. Паўстала неабходнасць зрабіць пераклад на сучасную мову. Мэтамі такой працы былі:

а) папулярызаваць у асяроддзі мусульман беларускую мову;

б) распаўсюджваць веды аб Ісламе сярод беларусаў;

в) падкрэсліць духоўную сувязь сучасных мусульман Беларусі з татарамі мінулых стагоддзяў;

г) зацвердзіць выключную ролю беларускай мовы ў захаванні ісламскіх традыцый у Беларусі.

У апошні час вельмі змяніўся нацыянальны склад мусульманскай супольнасці ў Беларусі. Калі яшчэ гадоў сорак таму назад у пераважнай большасці гэта былі беларускія татары, для якіх беларуская мова з’яўляецца роднай, дык зараз гэта шматнацыянальная група, у якой ужо беларускія татары складаюць меншасць. Калі вестка пра пачатак працы над перакладам Кур’ана распаўсюдзілася сярод мусульман, знайшлося шмат крытычных заяў, што гэта марная справа, што трэба перакладаць Кур’ан на рускую, альбо татарскую мовы. Мы адказвалі, што існуюць дзясяткі перакладаў на гэтыя мовы, а нам у Беларусі трэба пабачыць переклад на беларускую, зроблены адукаванымі людзьмі.

У Рэспубліканскім рэлігійным аб’яднанні «Духоўнае ўпраўленне мусульман у Рэспубліцы Беларусь» перекладам займаюцца Алі Варановіч і Дзмітрый Анціпенка. Муфцій Алі Варановіч мае тэалагічную адукацыю, скончыў Расійскі ісламскі ўніверсітэт, і ён пачынае працу над перакладам кожнага аята. Ідзе дэтальны аналіз кожнага слова Святога Пісання на арабскай мове. Пры гэтым выкарыстоўваюцца вядомыя ў ісламскім свеце тлумачэнні Кур’ана, якія маюць назву – тафсіры: Джаляляйн, ат-Табары, Мухамада аль-Ашкара, Саадзі. Сааўтар Дзмітрый Анціпенка з’яўляецца членам муфціята, скончыў філалагічны факультэт БДУ, ён адказвае за беларускамоўную частку працы.

Зараз яшчэ пра асаблівасці працы над перакладам. Вядома, што ў арабскай мове на адно паняцце існуе доўгі сінанімічны рад. На паняцце «світанак» у Кур’ане ўжываецца тры сінонімы الفلق, الفجر, السحر . У арабскай мове ёсць яшчэ сінонімы, але ў Кур’ане ўжываюцца гэтыя тры. У беларускай мове таксама шмат слоў для азначэння гэтага паняцця. Умоўна ў адпаведнасць кожнаму арабскаму слову мы выбралі «золак», «світанак» і «досвітак».

Яшчэ адзін прыклад: сура 43 мае арабскую назву الزخرف «упрыгожванні». А ў тэксце суры ўжыты сінонім الحلية , які мы пераклалі «аздабленні».

Фанэтыка беларускай мовы больш блізкая да арабскай, чым, напрыклад руская. Існаванне ў беларускай мове гукаў: фрыкатыўнае [г], [ў], [дж] дазваляе больш дакладна перадаваць арабскія назвы. На практыцы вядома, што вучні, якія ведаюць беларускую мову, больш лёгка і хутка авалодваюць вымаўленнем арабскіх гукаў.

Мы сутыкнуліся з праблемай транслітэрацыі арабскіх уласных імён на беларускую мову. Сітуацыя, якая склалася ў нашай мове сведчыць, што традыцыя ісламазнаўства складвалася пад моцным уплывам рускай мовы. Паспрабую адлюстраваць гэта становішча на прыкладзе самага галоўнага для кожнага мусульманіна ўласнага імя الله. На канцы слова мы чуем вядомы нам беларускі гук [г], які пазначаецца на пісьме літарай «г». Гэта як у слове «снег». І было б правільна ў слове الله пісаць літару «г». Але ў рускай мове няма, ці амаль няма, гэтага гука, і пры рускай транслітэрацыі адпаведна пішацца «Аллах». І вось такім складаным шляхам гэта слова трапляе ў беларускую мову, захоўваючы літару «х». Але для нас гэта было недапушчальна, мы імкнуліся да найбольш блізкага гучання ўласных імён у нашым перакладзе. Таму мы на правах аўтараў ужываем літару «г». Таксама мы вырашаем праблему ў іншых уласных імёнах «Ібрагім», «Гуд», «Гарун».

Трэба нагадаць і саманазву Кур’ана القرآن. У рускай мове ўжываецца слова «Коран», бо літары “о” і “у” з’яуляюцца лабіялізаванымі, і ў арабскай мове літара «у» можа чытацца як «о». Аднак і тут трэба адзначыць, што калі арфаграфія даннага слова ў рускай мове і мае права на існаванне, то арфаэпія не вельмі дакладная, бо націск падае на другі склад, таму ў першым складзе “о” прамаўляецца, як “а” – “К-а-ран”.

Як вядома ў беларускай мове «о» не пад націскам пераходзіць у «а», і калі проста капіраваць назву боскай Кнігі з рускай мовы, то атрымліваецца «Каран», як пры вымаўленні, так і напісанні. Аднак для арабскага ўспрымання гэта недапушчальна, бо гэта ўжо зусім іншае слова. Таму мы ў перакладзе на беларускую мову захоўваем транслітэрацыю «Кур’ан».

Ёсць праблема падвоеных літар. Напрыклад, возьмем зноў імя الله. Мы захавалі падваенне ўласцівае арабскай мове ў такіх сакральных для мусульман словах, як Аллаг, Мухаммад і некаторых іншых, нягледзячы на тое, што для беларускай мовы падваенне зычных у данным выпадку рабіць не патрэбна.

Асаблівасцю арабскай мовы з’яўляецца вялікая колькасць і частае ўжыванне дзеепрыметнікаў. Там ад кожнага дзеяслова, нават ад кожнай пароды дзеяслова можна ўтварыць дзеепрыметнік. У беларускай мове такога няма, і даводзіцца перакладаць, карыстаючыся словамі «які» або «каторы».

Праца над перакладам яшчэ не скончылася. Мы пераклалі толькі 6 джузаў, прыкладна пятую частку Кур’ана. Вынікі нашай працы публікуюцца ў газеце «Мусульманский вестник» і на сайце islam.by. Часта нам патрабуецца дапамога, і ў такім выпадку было б карысна мець да каго звярнуцца за парадай з ліку беларускіх навукоўцаў.



21.02.2018
конференция
15
новости
1002
беларуская мова
1
Коран
165
Загрузка...